ДРЭЙФ ГЕ́НАЎ, генетыка-аўтаматычныя працэсы ў папуляцыі,
змяненне генет. структуры (частаты генаў) папуляцыі ў выніку выпадковых прычын. Тэрмін Д.г. прапанаваў амер. генетык С.Райт (1931). Праяўляецца звычайна пры невял. колькасці папуляцыі (напр., рэзкім яе скарачэнні ў выпадку стыхійных бедстваў, развіцці эпізаотый і інш.). Пад дзеяннем Д.г. узмацняецца працэс гомазігатызацыі структуры папуляцыі, што нарастае з памяншэннем яе колькасці. Нарастанне абумоўлена павелічэннем частаты блізкароднасных скрыжаванняў у невял. папуляцыях, калі ў выніку выпадковых ваганняў частот асобных генаў адбываецца замацаванне адных алеляў пры адначасовай страце іншых. Некат. з атрыманых гомазіготных формаў у новых умовах асяроддзя могуць стаць прыстасавальна каштоўнымі і дзякуючы адбору атрымаць вял. пашырэнне пры наступным павелічэнні колькасці папуляцый.
т. 6, с. 235
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)